Шмат было зроблена часопісам для ўкаранення новага быту. На яго старонках пастаянна з'яўляліся артыкулы аб камсамольскіх вяселлях, у падтрымку выступленняў супраць кулакоў, самагоншчыкаў, праціўнікаў савецкай улады. Даволі грунтоўна інфармаваў часопіс чытачоў аб міжнародных падзеях. «Малады араты» выконваў асноўную ролю сацыяльнай сувязі дзяржавы, урада, грамадскіх арганізацый з сялянскай моладдзю. Часопіс карыстаўся павагай чытачоў і выходзіў да канца 1926 г. Рэдагаваў яго вядомы паэт Андрэй Александровіч.
У Беларусі выдаваліся газеты і часопісы для моладзі нацыянальных меншасцяў. З 8 красавіка па 15 мая 1919 г. выходзіла газета «Камуністішэ штіме» («Камуністычны голас») - орган Мінскага бюро яўкамола (яўрэйскага камсамола). У 1920 г. было надрукавана два нумары газеты «Юнге ворт» («Слова моладзі») - орган галоўнага камітэта яўкамола. Выходзілі таксама старонкі моладзі ў яўрэйскіх партыйных газетах.
Першыя яўрэйскія маладзёжныя выданні выходзілі нерэгулярна, невялікімі тыражамі. Для паляпшэння выхаваўчай працы сярод моладзі ЦК ЛКСМБ у 1922 г. пачаў выдаваць газету «Дэр юнгер арбетэр» («Малады рабочы»), якая існавала да 1936 г.
У першую пару рэдкалегія «Дэр юнгер арбетэр» не магла выпрацаваць свой стыль. Нумары запаўняліся артыкуламі аб міжнародным становішчы, мала змяшчалася пісем, быў нешматлікім рабселькораўскі актыў. Да таго ж, газета выходзіла не рэгулярна - адзін-два разы ў месяц. Вопыт і майстэрства прыходзілі паступова, журналісты вучыліся працы ў рэдакцыі «Красной смены». Ужо ў 1924 г. «Дэр юнгер арбетэр» была пераведзена на штотыднёвы выпуск. І калі першыя нумары газеты выходзілі тыражом 1,5 тыс. экземпляраў, то ў 1927 - 24 тысячы.
Арганізацыйную і прапагандысцкую работу праводзіў камсамол і сярод польскай моладзі. У газеце «Млот» у 1921 г. друкавалася старонка «Штандар млодзёжы» («Сцяг моладзі»). А 1 снежня 1921 г. пачала выходзіць газета «Гвязда млодзёжы» («Зорка моладзі») - штотыднёвік рабоча-сялянскай моладзі Беларусі і Расіі, орган ЦК КСМБ. Газета была падобнай на часопіс, выходзіла на 8 і болей стронках фарматам сучаснай раённай газеты. У звароце да чытачоў рэдкалегія падкрэслівала, што гістарычны лёс беларускага і польскага народаў цесна звязаны. У сучасны момант у выніку захопніцкай палітыкі буржуазіі польская і беларуская моладзь падзелена на два лагеры. У той жа час на тэрыторыі Савецкай Беларусі і іншых саюзных рэспублік пражывае многа маладых палякаў, якія будуць атрымліваць інфармацыю з СССР і з Польшчы на іх роднай мове. І на самой справе ў газеце вяліся рубрыкі «Жыццё польскай моладзі ў СССР», «Становішча моладзі ў Польшчы», «Моладзь у Заходняй Беларусі».
Такім чынам, «Зорка моладзі» была спецыфічнай газетай інтэрнацыянальнага накірунку. Ад імя шматлікіх чытачоў яна падтрымлівала імкненне заходнебеларускай моладзі да аб'яднання ў адной рэспубліцы і заклікала польскую моладзь падтрымліваць беларусаў у справядлівай барацьбе. У кожным нумары друкаваліся матэрыялы, накіраваныя супраць арыштаў, забойстваў, турэмнага зняволення моладзі ў Польшчы і Заходняй Беларусі, асвятлялася дзейнасць дэмакратычных арганізацый. «Зорка моладзі» выходзіла да 1927 г.
«Малады рабочы» і «Зорка моладзі» разыходзіліся па ўсёй краіне, асобныя нумары пападалі ў Польшчу, Чэхаславакію і інш. дзяржавы. Яны ўтрымлівалі шырокую інфармацыю аб савецкай краіне і аказвалі станоўчы ўплыў на польскую і яўрэйскую моладзь.
Беларускі дзяржаўны універсітэт, які быў адкрыты ў 1921 г., стаў пачынальнікам студэнцкага друку. Першай газетай стаў «Голас рабфакаўца» - орган студэнцкага камітэта. Тады ж, у 1921 г., студэнты Горацкага сельгасінстытута пачалі выдаваць часопіс «Дни нашей жизни», а ў 1923 г. - часопіс «Голос революционного студенчества».
Выданні вышэйшых навучальных устаноў імкнуліся ўключыць студэнтаў у культурна-асветную і грамадска-палітычную работу, вялі абмеркаванне вучэбна-выхаваўчага працэсу. Вучоныя, камсамольскія і партыйныя работнікі выступалі супраць шкодных меркаванняў асобнай часткі грамадства, што моладзь з вёскі не можа быць студэнтамі інстытута. І для пераканання змяшчалі выступленні студэнтаў «ад станка і плуга».
У лютым 1924 г. студэнты БДУ выпусцілі часопіс «Голос пролетарского студенчества». Рэдкалегія даследавала гісторыю студэнцкага руху і рабіла вывад, што рэвалюцыйныя падзеі былі заўсёды звязаны з ім, пісала, што «пралетарый і бядняк-селянін павінны ведаць, як жыве, вучыцца, працуе, а часта і галадае наш студэнт».
У часопісе надрукаваны цікавы артыкул першага рэктара універсітэта У.І. Пічэты «Вузы и краеведение»(1924, № 1). Ён звяртаўся да студэнтаў з заклікам вывучаць родны край, каб адкрыць для чалавека скарбніцы прыроды. Каб узняць народную гаспадарку і рацыянальна скарыстаць прыроднае багацце, неабходна добра ведаць стан вытворчасці. А каб даць народу магчымасць усебаковага культурнага развіцця, неабходна вывучыць гісторыка-культурнае мінулае і на падставе гэтага будаваць новую культуру.
У кастрычніку 1924 г. у БДУ выйшла газета «Белорусский студент» з задумай стаць «рупарам усяго студэнцтва рэспублікі». Аднак гэтага не атрымалася. 2 лістапада 1924 г. была заснавана газета «Голос студента» - орган прафсаюзаў БДУ. У ёй быў надрукаваны артыкул рэктара У.І. Пічэты «Трэці год работы БДУ».
Студэнты-беларусы, якія вучыліся ў Маскве (звыш 1 тыс.), у 1924 г. пачалі выпускаць часопіс «Змаганне». Ён распаўсюджваўся ў беларускіх зямляцтвах маскоўскіх інстытутаў і быў дапаможнікам па вывучэнню гісторыі, эканомікі, геаграфіі, беларускай мовы і літаратуры. Крэда часопіса было ў наступным: «За што мы павінны змагацца? За ідэі камунізму. За ўмацаванне Саюза СССР. За вызваленне прыгнечаных усяго свету. Супраць чаго мы павінны змагацца? Супраць індывідуалізму. Супраць шавінізму. Супраць панскага прагнёту над братамі за мяжой»(1924, № 1). Выданне асвятляла студэнцкае жыццё беларускага зямляцтва, расказвала аб навучальных установах Масквы і вяло палеміку з эмігранцкімі беларускімі выданнямі.
У лютым 1925 г. выйшаў часопіс «Чырвоны сцяг» - орган беларускага бюро пралетарскага студэнцтва і цэнтральнага ўпраўлення зямляцтва г. Масквы. «Наш часопіс - чырвоны сцяг таго студэнцтва, якое выйшла з радоў пралетарыяту, сялянскай беднаты і сераднякоў, таго студэнцтва, якое хоча і будзе працаваць над умацаваннем Беларусі як часткі СССР, над яе эканамічным і культурным росквітам». Так фармулявала рэдкалегія задачы свайго часопіса. Потым гэта праграма ўвасобілася ў змесце «Чырвонага сцяга». Жыццё студэнцтва ў Маскве і Беларусі, пытанні палітыкі, эканомікі, культуры, міжнародныя праблемы былі ў полі зроку рэдакцыі часопіса. Шмат увагі ўдзялялася літаратуры. Там друкаваліся найбольш вядомыя маладыя паэты - М. Чарот, А. Александровіч, С. Шушкевіч. Выйшла ў свет сем нумароў «Чырвонага сцяга». Па тэматычнаму зместу і прафесійнаму афармленню гэта быў адзін з лепшых студэнцкіх часопісаў.
Заснаванне студэнцкага друку - з'ява асаблівая. Не толькі таму, што друк адлюстроўваў жыццё найбольш адукаванай часткі беларускай моладзі. Газеты і часопісы вышэйшых навучальных устаноў закладвалі падмурак фарміравання важнейшых рыс нацыянальнай інтэлігенцыі савецкага часу.
У першыя гады пасля грамадзянскай вайны актывізавалася праца па арганізацыі дзіцячага руху. У 1922 г. была створана Усесаюзная піянерская арганізацыя, якая пачала выпускаць свае газеты і часопісы. У Беларусі ў 1921-1922 гг. пад рэдакцыяй З. Бядулі выдаваўся дзіцячы часопіс «Зоркі». Гэта была невялікая кніжка з каляровай вокладкай. У ёй змяшчаліся творы для дзяцей. Я. Купала, М. Чарот, З. Бядуля і інш. найбольш часта друкаваліся ў часопісе. У першым нумары прапанаваў чытачам свае пачатковыя літаратурныя вопыты Мікалай Раманоўскі - Кузьма Чорны: верш «К дзеткам» і апавяданне «Гузік».
У 1923 г. газета «Звезда выпускала дадатак «Юный строитель» - орган Цэнтральнага Бюро дзіцячых камуністычных груп імя У.І. Леніна пры Белбюро ЦК РКСМ. Газета выходзіла адзін раз у тыдзень і рассылалася бясплатна ў піянерскія і камсамольскія арганізацыі.
Можна лічыць, што вышэй названыя дзіцячыя перыядычныя выданні падрыхтавалі аснову для стварэння часопіса «Беларускі піянер» у студзені 1924 г. Перад рэдкалегіяй ставілася задача арганізацыйнага і маральна-палітычнага ўмацавання піянерскага руху. «Для гэтага «Беларускі піянер» будзе друкаваць на сваіх старонках матэрыялы, якія дапамогуць піянерам актыўна ўдзельнічаць у барацьбе і працы, пазнаёмяць з лепшымі творамі пралетарскіх пісьменнікаў, а таксама творчасцю юных піянераў», - гаварылася ў звароце да чытачоў.
Для ўступаючых у піянеры часопіс уключаў цікавыя матэрыялы аб тым, як у гэтых арганізацыях дзейнічае мастацкая самадзейнасць, праходзяць літаратурныя вечары, піянерскія зборы, лінейкі, паходы. Гэта было новае цікавае жыццё, і яно прыцягвала да сябе дзяцей.
Амаль у кожным нумары рэдкалегія падкрэслівала патрабаванне часу - дзіця школьнага ўзросту павінна абавязкова вучыцца. Часопіс адводзіў свае старонкі для расказаў аб арганізацыі шэфства, рабоце хат-чытальняў, сустрэч з вядомымі людзьмі. У № 3 часопіса за 1925 г. змешчаны цікавы фотаздымак - Я. Колас чытае вершы піянерам.
У Гомелі 6 чэрвеня 1924 г. пачала друкавацца газета «Искра Ильича». З часам яна стала папулярным дзіцячым выданнем. Калі першы нумар выйшаў тыражом 2,5 тыс., 32-гі ўжо быў надрукаваны ў 8 тыс. экземпляраў. Газета выходзіла да 1926 г.
З 1925 г. з'яўвілася магчымасць выдаваць піянерскую яўрэйскую газету. Гэта быў «Юнгер піянер» («Юны піянер») - які выходзіў як дадатак да партыйнай газеты «Векер» («Будзільнік»). Газета выпускалася на чатырох старонках адзін раз у тыдзень. У 1928 г. «Піянер векер» стаў дадаткам да «Дэр юнгер арбетэр», а ў 1929 г. зноў была створана самастойная газета «Юнегр ленінец» («Юны ленінец») - орган ЦК КСМБ. Яна выдавалася да 1938 г.
Дзіцячы друк Беларусі быў першым звяном ў сістэме партыйна-савецкага друку. У наступныя перыяды гісторыі піянерскія газеты і часопісы набудуць устойлівасць, масавасць, а журналісты выпрацуюць асаблівае майстэрства весці штодзённы дыялог з самымі юнымі чытачамі. У патрыятычным, маральна-этычным выхаванні піянерскі друк меў несумненныя здабыткі.
Такім чынам, да 1925 г. у Беларусі была створана разгалінаваная сістэма перыядычнага друку, адпавядаючая патрабаванням разнастайнага кола чытачоў. Яна абапіралася таксама на марксісцкую ідэалогію і была з'арыентавана на будаўніцтва сацыялізму. Гэтай мэце падпарадкоўваўся і партыйна-савецкі друк. Свабода слова здзяйснялася вышэйшым кіраўніцтвам адзіным партыйным «правільным курсам».
ЛIТАРАТУРА
1. Конев А.Г. История журналистики Беларуси, Мн: Выш. Школа, 2005г.
2. Виноградов А.Н. Истоки белоруской печати и журналистики, Мн, АОЛА, 2005г.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5